БАТАНІ́ЧНЫ САД,
навукова-даследчая, навуч.-дапаможная і культ.-асветная ўстанова, у якой культывуюцца і вывучаюцца расліны мясц. і іншаземнай флоры, прапагандуюцца бат. веды. Уключаюць калекцыі раслін адкрытага грунту (дэндрарыі, альпінарыі, участкі сістэматыкі, экспазіцыі лек., харч., дэкар. і інш. раслін) і аранжарэі. Размяшчэнне раслін пераважна па геагр. і сістэматычным прынцыпе, радзей па экалагічным і інш. Асн. даследчая задача — пошук новых карысных раслін, іх выпрабаванне і ўвядзенне у культуру. Адначасова батанічныя сады з’яўляюцца аб’ектамі рэкрэацыі.
Папярэднікі батанічных садоў — манастырскія сады (у Зах. Еўропе з 4 ст.), аптэкарскія агароды. Першыя батанічныя сады заснаваны ў Італіі (Салерна, 1309; Венецыя, 1333), потым у Германіі (Берлін, 1647), Францыі (Парыж, 1635), Швецыі (Упсала, 1655), Вялікабрытаніі (Эдынбург) пераважна для развядзення лек. раслін. У эпоху вял. геагр. адкрыццяў батанічныя сады пачалі актыўна займацца выпрабаваннямі прывезеных раслін: праз батанічны сад ў К’ю (Вялікабрытанія) ішло размеркаванне па трапічных раёнах кавы, гевеі, хіннага дрэва; праз батанічны сад Францыі распаўсюджваліся віды айланту, сафоры, туі, гінкга. У 18—19 ст. батанічны сад ў Калькуце (Індыя), Богары (Інданезія) адыгралі значную ролю ў інтрадукцыі трапічных раслін у розныя раёны. У Расіі папярэднікамі батанічных садоў былі «аптэкарскія агароды» ў Маскве (1706, цяпер філіял батанічнага саду Маскоўскага ун-та), Пецярбургу (1714, цяпер батанічны сад Бат. ін-та Рас. АН). У 19 ст. батанічныя сады існавалі пераважна пры ун-тах (Вільня і Тарту, 1803; Харкаў, 1804, Масква і Казань, 1806; Кіеў, 1835; Адэса, 1865; Томск, 1880, і інш.), лясных і с.-г. ін-тах. Нікіцкі батанічны сад (Крым, 1812), Сухумскі (1840) і Батумскі (1912) батанічныя сады сталі цэнтрамі інтрадукцыі субтрапічных раслін.
На Беларусі аднымі з першых былі Гродзенскі батанічны сад (18 ст.) і дыдактычны батанічны сад пры Шчучынскім кляштары (засн. садаводам С.Юндзілам). Працуюць Вялікалятчанскі батанічны сад, батанічныя сады пры ВНУ і АН Беларусі: гл. Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта, Цэнтральны батанічны сад АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
Літ.:
Антипов В.Г. Об истории создания ботанических коллекций в Белоруссии // Ботаника. 1964. Вып. 6;
Цицин Н.В. Ботанические сады СССР. М., 1974;
Федорук А.Т. Древесные растения садов и парков Белоруссии. Мн., 1980;
Головкин Б.Н. История интродукции растений в ботанических садах. М., 1981;
Лапин П.И. Ботанические сады СССР: [Фотаальбом]. М., 1984.
т. 2, с. 346